(сапр.Шашалевіч Андрэй Антонавіч; 1893, в. Палуж Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.10.1943),
бел. пісьменнік. Брат В.Шашалевіча. Скончыў духоўную семінарыю. З 1918 служыў у Чырв. Арміі, з 1921 настаўнічаў у Краснаполлі, з 1926 інспектар Цэнтр. бюро краязнаўства, стыльрэдактар у газ. «Звязда». У 1934 рэпрэсіраваны. У 1937 і 1940 зноў арыштаваны. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай і Мурманскай абл. Рэабілітаваны ў 1961. Друкаваўся з 1924. Аўтар нарысаў, апавяданняў («Пятрок», «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Гармонія ў ружовым», «Моладзь», «Рабін» і інш.). Мешчаніна-выскачку, тупога казарменнага паслушэнца, духоўна спустошанае грамадства развенчвае ў сатыр. рамане «Запіскі Самсона Самасуя» (1929, поўнасцю апубл. 1988, тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя», 1990). Для твораў М. характэрны натуральнасць, складаныя жыццёвыя сітуацыі, рэальная праўда жыцця, паказ няпростых чалавечых характараў. Навелы, аповесці і раман з лагернага жыцця «Жывы дом», напісаныя ў ссылцы, у час арышту ў Мурманску канфіскаваны і пакуль не выяўлены.
Тв.:
Творы. Мн., 1993.
Літ.:
Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатыр. прозы // Чыгрын І. Крокі: проза «Узвышша». Мн., 1989;
Лецка Я. Празорлівасць мастака // Полымя. 1990. № 5.